Галоўная // Актуальна

Якія беларускія музеі ў топе па папулярнасці ў турыстаў, расказалі ў Мінкультуры

04/06/2025
Якія беларускія музеі ў топе па папулярнасці ў турыстаў, расказалі ў Мінкультуры
 Якія беларускія музеі карыстаюцца найбольшай папулярнасцю ў турыстаў, расказала на прэс-канферэнцыі "Перспектывы развіцця гісторыка-культурнага турызму ў Рэспубліцы Беларусь" намеснік начальніка ўпраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Надзея Аўдзей, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў Надзеі Аўдзей, па выніках мінулага года ў топ-3 па наведвальнасці ўвайшлі мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць-герой", Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і дзяржаўны мемарыяльны комплекс "Хатынь".

"Тэма патрыятычнага выхавання, 80-годдзя вызвалення Беларусі і Вялікай Перамогі - адна з актуальных, захоўвае лідзіруючыя пазіцыі. Калі ўзяць I квартал, то найбольш запатрабаваны для наведвання Брэсцкая крэпасць, Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і музеі ваеннай тэматыкі", - расказала спецыяліст.

З аб'ектаў палацава-паркавай спадчыны ўзначальвае рэйтынг Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж", замкавы комплекс "Мір" і Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей.

У маі ў Беларусі прайшла маштабная акцыя "Ноч музеяў", якая палюбілася і беларусам, і гасцям. Дакладную лічбу, колькі наведвальнікаў прынялі музеі ў гэты перыяд, паводле слоў Надзеі Аўдзей, палічыць немагчыма, паколькі не ва ўсіх з іх уваход платны. "Гэта аб'ёмная акцыя, вельмі цікавая і прывабная. Кожны музей далучаецца, рыхтуе праграму. Да найбольш наведвальных можна аднесці музеі рэспубліканскага падпарадкавання, а ў рэгіёнах - сядзібна-паркавыя комплексы", - дадала Надзея Аўдзей.

Яна назвала гісторыка-культурны турызм не толькі адным з вектараў развіцця дзейнасці, але і брэндам папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны. У праграмы ўключаюцца, акрамя музейных устаноў, крэпасці, храмы, мемарыяльныя месцы, звязаныя з жыццём і творчасцю знакамітых людзей.

"Патрэбнасць у музеях у турыстаў расце. Музей сёння акрамя таго, што прадастаўляе магчымасць пазнаёміцца з гістарычным і культурным мінулым краіны, даведацца шмат цікавага пра асоб, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё рэспублікі, становіцца цэнтрам камунікацыі. У рамках экспазіцыйных прастор можна не толькі ўбачыць прадмет, але і паўдзельнічаць у розных культурна-асветных мерапрыемствах, гульнях, квестах, анімацыйных праграмах, якія яшчэ паглыбляюць наведвальнікаў у тыя ці іншыя гістарычныя вехі нашай гісторыі", - дадала Надзея Аўдзей.

Музеі развіваюцца, ствараюць новыя экспазіцыйныя прасторы, удзельнічаюць у выставачных праектах. Наладжана міжнароднае супрацоўніцтва для папулярызацыі экспазіцый і прыцягнення наведвальнікаў.

Установы культуры актыўна падключаюцца да месяца гісторыка-культурнага турызму. Пройдуць фестывалі, квесты, гульні, анімацыйныя праграмы.
да спісу навін